Прафсаюзныя актывісты раёна выказаліся наконт парушэння краінамі ЕС шэрагу канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі падрыхтавала і накіравала ў Міжнародную арганізацыю працы прадстаўленне аб парушэнні краінамі Еўрапейскага саюза шэрагу канвенцый МАП.

Міжнародная арганізацыя працы была створана больш за стагоддзе таму. Яе асноўная місія — барацьба за роўныя і справядлівыя ўмовы працы па ўсім свеце. Для гэтага МАП прымае пэўныя Канвенцыі. У іх замацоўваюцца правілы, выкананне якіх павінна садзейнічаць рэалізацыі права людзей на працу.

У сваю чаргу ФПБ упэўнена, што ўвядзенне санкцый супраць беларускіх вытворцаў парушае Канвенцыю аб палітыцы ў галіне занятасці і Канвенцыю адносна дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў. Прафсаюзныя лідары раёна падтрымліваюць рашэнне Федэрацыі аб падачы ў МАП прадстаўлення. Яны падзяліліся сваімі меркаваннямі і думкамі наконт гэтага.

Таццяна Гаманчук, старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў:

— Пераканана, што рашэнне ФПБ аб падачы ў Міжнародную арганізацыю працы прадстаўлення аб парушэнні краінамі ЕС шэрагу канвенцый МАП правільнае. Санкцыі парушаюць права грамадзян нашай краіны на працу, штучна скарачаецца доступ нашых прадпрыемстваў на рынкі іншых краін, блакуюцца фінансавыя патокі, памяншаюцца інвестыцыі. Як вынік — скарачэнне работнікаў, няпоўная занятасць, зніжэнне ўзроўню заработнай платы. Лічу, што задача МАП у тым, каб прааналізаваць сітуацыю і прыняць неабходныя меры, накіраваныя на спыненне падобнай практыкі. Спадзяюся на аб’ектыўнасць пры разглядзе гэтага пытання і на тое, што МАП усё ж будзе дзейнічаць у інтарэсах людзей.

Дзмітрый Чайкоўскі, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК:

— Рашэнне Федэрацыі цалкам падтрымліваю. У прыватнасці, лічу, што Міжнародная арганізацыя парушае Канвенцыю, якая датычыцца дыскрымінацыі ў галіне працы і занятасці. Яна ж, наадварот, павінна прымаць меры па супрацьстаянні незаконным дзеянням, у тым ліку незаконным санкцыям, якія пазбаўляюць людзей працоўных месцаў і, адпаведна, крыніцы прыбытку.

Вельмі спадзяюся, што МАП прыме правільнае рашэнне, якое будзе адпавядаць інтарэсам усіх працоўных.

Ліка Гусак, старшыня прафсаюзнай пярвічкі абласной псіхбальніцы «Магілёўцы»:

— Неабходнасць падачы прадстаўлення ў Міжнародную арганізацыю аховы працы проста відавочная. Лічу, што міжнародным арганізацыям нельга прымаць рашэнні, якія пазбаўляюць людзей права на працу і ставяць у няроўныя ўмовы.

Ларыса Гушча, старшыня прафсаюзнай пярвічкі «Пружанскага райспажыўтаварыства»:

— Рашэнне ФПБ падтрымліваю. Гэта правільны крок. Усё таму, што, парушаючы шэраг Канвенцый, Еўрасаюз фактычна парушае права людзей, нашых беларускіх грамадзян, на працу.

Падрыхтаваў Фелікс Бартноўскі. Фота Кацярыны Масік і з архіва рэдакцыі

Матэрыял з сайта газеты «Раённыя будні»