Есть ли пациенты с COVID-19 на Пружанщине? Прокомментировал главврач района

Ёсць пытанне:
У сераду сярод пружанскіх карыстальнікаў сацыяльных сетак адбыўся самы сапраўдны трывожны “бум”. Усіх не на жарт узрушыў і расхваляваў ананімны пост пра тое, што, маўляў, у інфекцыйнае аддзяленне раённай бальніцы з пнеўманіяй трапіў мужчына, які нібыта прыбыў у Пружаны з Расіі з ужо пацверджаным дыягназам “каранавірусная інфекцыя” і не выконваў рэжым самаізаляцыі. Больш за тое, прызнаўся ўрачам ў сваёй хваробе толькі пасля таго, як яму зрабілі рэнтгенаграфію лёгкіх. Дапамог “узняць” адпаведны настрой і фотаздымак, на якім умоўнага пацыента забіраюць медработнікі хуткай дапамогі ў ахоўных касцюмах с рэспіратарамі. Просім кампетэнтных асоб пракаментаваць гэты выпадак: праўда гэта ці фэйк?
Святлана, г. Пружаны

На пытанне адказвае галоўны ўрач Пружанскай раённай бальніцы Віктар Міхайлавіч Дараневіч:

— Сапраўды, 15 красавіка ў кол-цэнтр паліклінікі па дапамогу звярнуўся мужчына, занепакоены наяўнасцю ў яго павышанай тэмпературы. Па выкліку яго наведала на даму ўрач агульнай практыкі. Пасля агляду і збору эпідэміялагічнага анамнезу аказалася, што пацыент N 14 красавіка прыбыў у Рэспубліку Беларусь з Масквы, дзе кантактаваў з чалавекам, які меў станоўчы тэст на каранавірус. Таму наш пацыент быў адразу ж аднесены да катэгорыі верагодных выпадкаў СОVID-19 і падлягаў неадкладнай шпіталізацыі спецыяльным санітарным транспартам у інфекцыйнае аддзяленне. Што і было неадкладна зроблена брыгадай хуткай дапамогі, якая была цалкам экіпіравана згодна з інструкцыяй.
Пры паступленні ў прыёмнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы пацыенту ў рэнтгеналагічным кабінеце “чырвонай”, падкрэслю, зоны (прызначанай толькі для пацыентаў з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі) было праведзена абавязковае абследаванне органаў грудной клеткі. Пасля чаго мужчына быў змешчаны пад назіранне ў асобны блок інфекцыйнага аддзялення, дзе і знаходзіцца ў дадзены момант.
Стан яго ацэньваецца як здавальняючы, праводзяцца ўсе неабходныя мерапрыемствы, накіраваныя на сімптаматычнае лячэнне пацыентаў з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі. У яго ўзятыя неабходныя мазкі на каранавірус, якія былі тэрмінова накіраваны ў Брэсцкую лабараторыю. Чакаем вынікаў.
Паралельна згодна з клінічным пратаколам па месцы жыхарства пацыента сумесна з санітарнай службай праведзены ўсе неабходныя супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы.
Увогуле ў нашай раённай бальніцы рэгулярна праводзіцца цэлы комплекс супрацьэпідэміялагічных і прафілактычных мерапрыемстваў. Ён працуе вельмі эфектыўна, паколькі ўсе нашы дзеянні накіраваны на аператыўнае выяўленне і раннюю дыягностыку пацыентаў з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, што дазваляе своечасова прымаць усе меры па інфекцыйнай бяспецы насельніцтва.
Акрамя таго, мы працуем у цесным узаемадзеянні з усімі суб’ектамі прафілактыкі, у прыватнасці, з райвыканкамам і цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, які адсочвае ўсе кантакты 1-га і 2-га ўзроўню, а мы іх актыўна назіраем. На сённяшні дзень ні аднаго станоўчага тэсту ў нашых пацыентаў выяўлена не было.
У цэлым, хацелася б заўважыць, што мы, медыкі, не разумем рэакцыі насельніцтва на неправераную інфармацыю ў сацыяльных сетках. Ёсць жа ведамасныя службы, ёсць афіцыйны сайт Міністэрства аховы здароўя, які збірае інфармацыю з усіх рэгіёнаў краіны. Ніякага ўтойвання дадзеных няма.
Не варта параўноўваць паміж сабой дадзеныя розных рэгіёнаў краіны, паколькі трэба ўлічваць мясцовыя прамыя фактары рызыкі: у кожным раёне, у прыватнасці, свой кантынгент рабочых і свая пэўная міграцыя людзей, якая выклікае розную хуткасць распаўсюджвання інфекцыі.
Не забывайце і пра галоўны прафілактычны фактар — самасвядомасць людзей, якая напрамую ўплывае на эпідэміялагічную сітуацыю. Калі б кожны чалавек, які, напрыклад, кантактаваў з інфіцыраваным чалавекам, адразу звяртаўся да ўрачоў, нічога не ўтойваючы, гэта значна палегчыла б працу медыцынскай службы. Усю прафілактыку можна было б уздняць на больш высокі ўзровень.
Паверце, мы працуем аператыўна і робім усё магчымае, каб прадухіліць распаўсюджанне інфекцыі. Сёння мы маем дастатковую колькасць касцюмаў біялагічнай абароны, па лініі нашага ведамства рэгулярна паступаюць маскі і іншыя спецыяльныя медыцынскія сродкі абароны.
Акрамя таго, вялікую спонсарскую дапамогу нам аказваюць юрыдычныя і фізічныя асобы, якія закупляюць для медработнікаў сродкі індывідуальнай абароны і пералічваюць сродкі на наш пазабюджэтны рахунак, на сёння паступіла ўжо 203 тысячы рублёў. У прыватнасці, хацелася б падзякаваць за падтрымку кіраўніцтва ААТ “Пружанскі малочны камбінат”, якое выдзеліла каля 61 тысячы рублёў на набыццё кіслароднага канцэнтратара. Мы ўжо заключылі дагавор аб яго пастаўцы.
Больш за тое, Пружанскi малочны камбiнат выказаў намер аказаць дапамогу i ў закупцы апарата для штучнай вентыляцыі лёгкіх (на сённяшні дзень у бальніцы ёсць 11 ШВЛ).
Мы дадаткова закупілі 8 кіслародных балонаў, маем 2 кіслародныя канцэнтратары, а літаральна на днях прывязуць яшчэ адзін канцэнтратар, куплю якога спансіраваў адзін з ружанскіх прадпрымальнікаў, за што мы яму таксама вельмi ўдзячны.
Як бачыце, ніякіх падстаў для панікі няма і быць не павінна.

Падрыхтавала Алена Зялевіч.

Виктор Дороневич прокомментировал вчерашний слух и дал ответ на другие важные вопросы по коронавирусной инфекции