Поликлиника работает в новом формате

У сувязі са складанай эпідсітуацыяй былі ўнесены значныя карэктывы ў работу Пружанскай паліклінікі і іншых раённых устаноў аховы здароўя. Пра тое, што змянілася і якім чынам пацыентам цяпер зарыентавацца ў розных уваходах-выхадах, расказвае загадчыца Пружанскай паліклінікі В.П. Барысюк.

Адменены планавыя візіты, кансультацыі і аперацыі
Мэта такой аптымізацыі — максімальнае абмежаванне візітаў у паліклініку пацыентаў пажылога ўзросту і перанясенне іх абслугоўвання на дом.
— Мы стараемся аберагаць нашых пацыентаў, — кажа Вольга Паўлаўна. — Таму рэкамендуем усім па магчымасці адкласці планавы візіт да доктара. Неадкладная і экстранная дапамога аказваецца ў поўным аб’ёме.
Калі ў пацыентаў, да прыкладу, развіліся вострыя захворванні (атыт, кан’юктывіт і інш.), здарылася траўма або абвастрыліся хранічныя захворванні з пагрозай для жыцця і здароўя, іх прымуць у абавязковым парадку. Сёння ва ўзмоцненым рэжыме працуюць урачы агульнай практыкі, пры неабходнасці яны перанакіроўваюць пацыента да больш вузкага спецыяліста. Талонаў у цэлым хапае, паколькі людзей прыходзіць значна менш. Відаць, людзі прыслухоўваюцца да нашых рэкамендацый, за што мы ім вельмі ўдзячныя.
Толькі не забывайце пра галоўнае правіла: выконвайце рэспіраторны этыкет і сацыяльную дыстанцыю!

Падзелены патокі
Сёння рэгістратура і прастора паліклінікі падзелены на дзве зоны, якія ўмоўна можна назваць “чырвонай” і “зялёнай”. У кожную з іх ёсць асобны ўваход.
“Чырвоны” — гэта галоўны ўваход у паліклініку. Ён прызначаны для пацыентаў з прыкметамі вострых рэспіраторных інфекцый (павышаная тэмпература, кашаль, задышка і інш.).
“Зялёны” (з боку былой жаночай кансультацыі) — для астатніх пацыентаў.
Дзякуючы такому выразнаму дзяленню на зоны палі-клінікі з дапамогай шматлікіх указальнікаў, мінімізавана магчымасць перасячэння розных катэгорый хворых. Таму сёння ў “зялёнай” зоне можна пры неабходнасці прайсці прафагляд.

У падобным рэжыме — з падзелам патокаў пацыентаў — працуюць усе бальніцы, амбулаторыі і ФАПы раёна.

Перапрафіляваны кабінеты і аддзяленні
З улікам дзялення на зоны паліклінікі прыём некаторых спецыялістаў перанесены ў іншыя кабінеты. У прыватнасці, эндакрынолаг сёння прымае ў кабінеце № 26, акуліст — у № 49.
Рэгістрацыя дакументаў (бальнічных лістоў, даведак і г.д), якая раней праходзіла ў кабінеце №16, перанесена ў «зялёную» зону — на трэці паверх, у кабінет №37.
Аб усіх падобных зменах пацыентам паведамляюць спецыялісты рэгістратуры або кол-цэнтра пасля высвятлення ўсіх нюансаў захворвання.

Аддзяленне фізіятэрапіі і рэабілітацыі
Гэтае аддзяленне поўнасцю закрыта для амбулаторна-клінічных пацыентаў. Некалькі кабінетаў працуе толькі для стацыянарных хворых. Спецыялісты, якія вызваліліся, перапрафіляваны для работы ў кол-цэнтры паліклінікі, які сёння працуе ва ўзмоцненым рэжыме.

Кабінет ЭКГ
Знаходзіцца на ранейшым месцы і аднесены да “зялёнай” зоны.

Флюараграфія і рэнтгенаскапія
Кабінет флюараграфіі знаходзіцца на ранейшым месцы – таксама ў “зялёнай” зоне.
Кабінет рэнтгенаскапіі, што знаходзіцца ў паліклініцы, аднесены ў “чырвоную” зону: сюды праз прыёмны пакой накіроўваюць пацыентаў з прастуднымі захворваннямі.
Усе астатнія пацыенты, напрыклад, з траўмамі, накіроўваюцца ў рэнтген-кабінет, размешчаны ў новым будынку неўралагічнага аддзялення. Тут таксама робяць здымкі зубоў.

Забор крыві
У паліклініцы сёння наладжаны паасобны прыём аналізаў.
Кабінет № 50, размешчаны на другім паверсе (у «зялёнай» зоне), прызначаны для пацыентаў без прастудных захворванняў.
Кабінет № 44 (на трэцім паверсе) вядзе забор крыві ў пацыентаў з прыкметамі прастуды.
Пры вострай неабходнасці ў кабінеце № 25 можна здаць кроў на біяхімію.

Прыём дзяцей
Дзіцячая кансультацыя працуе на ранейшым месцы і ў ранейшым рэжыме (адменены толькі планавыя прышчэпкі і агляды). З хворым дзіцём бацькі заходзяць праз галоўны – “чырвоны” — уваход паліклінікі.
Калі ў бацькоў узнікне неабходнасць пракансультавацца з участковым урачом ці медсястрой з нагоды здаровага дзіцяці, яны могуць звязацца з імі па тэлефоне альбо зайсці ў кансультацыю праз асобны ўваход са зваротнага боку — насупраць аддзялення хуткай дапамогі.
Пры неабходнасці паставіць пячатку на бальнічным лісце, даведцы ці іншай дакументацыі бацькі абавязаны выйсці з дзіцячай кансультацыі і зайсці ў “зялёную” зону паліклінікі праз “зялёны” ўваход (з адваротнага боку – праз былую жаночую кансультацыю).

Жаночая кансультацыя
Жаночая кансультацыя перанесена ў будынак “Дзённага стацыянара”, работа апошняга пакуль прыпынена. Увесь будынак кансультацыі сёння з’яўляецца “зялёнай” зонай.

Карысныя тэлефоны:
кантактны цэнтр Пружанскай паліклінікі: 2-90-03, 2-91-03, 2-95-03,

агульная рэгістратура: 2-05-03, 2-09-03,

рэгістратура дзіцячай кансультацыі: 2-10-03, 2-10-22,

рэгістратура жаночай кансультацыі: 7-57-63.

Алена Зялевіч. “Раённыя будні”.