Наш мониторинг: сколько стоит ажиотаж

На фоне барацьбы з каранавірусам тыя тавары, якія яшчэ нядаўна мала каму і патрэбны былі, сталі дэфіцытнымі. А некаторыя прадукты, якія пачалі выкарыстоўвацца ў якасці сродкаў народнай медыцыны, сталі неабгрунтавана дарагімі. Як абстаяць справы з маскамі, лімонамі і іншымі таварамі на Пружаншчыне?

Мараторый на павышэнне
Вось ужо чацвёрты год спецыялісты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі праводзяць «народны маніторынг» — аналіз цэн на сацыяльна значныя прадукты. Маштабным прафсаюзным маніторынгам сёння ахоплены сотні гандлёвых аб’ектаў ва ўсіх раёнах краіны.

— Штомесяц мы аналізуем кошт сацыяльна значных тавараў. Усяго ў спісе кантралюемых больш за 70 прадуктаў, вядома, усе — першай неабходнасці: ад малака і хлеба да бакалеі, яек і мяса, — тлумачыць старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук. — У кожным раёне збіраецца інфармацыя ў двух найбольш папулярных магазінах: прыватным і дзяржаўным. У нашым — гэта «Белмаркет» і «Універсам». Уся сабраная інфармацыя заносіцца ў спецыяльную базу даных, распрацаваную ФПБ. І ўжо на ўзроўні Федэрацыі робіцца аналіз цэн на кантралюемыя тавары.
У выпадку росту цэн на гэтыя прадукты прафсаюз звяртаўся ў ведамствы, якія адказныя за цэнаўтварэнне, каб высветліць, наколькі гэта абгрунтавана. А з 26 сакавіка, як расказала Таццяна Юр’еўна, маніторынг стаў праходзіць кожны тыдзень.
— У нас ёсць дакладны пералік сацыяльна значных тавараў, спіс якіх, дарэчы, крыху змяніўся. У цэлым гэта тое, што карыстаецца найбольшым попытам у насельніцтва. У ім, напрыклад, з’явілася туалетная папера, — удакладняе прафсаюзны лідар Пружаншчыны.
На момант нашай размовы з Т.Ю.Гаманчук апошні маніторынг прайшоў трэцяга красавіка. Што ён паказаў? За тыдзень кошт на макароны, большасць крупаў (грэчку, манку, проса), мясныя кансервы, цукар, соль не мяняўся. Затое падаражэла бульба: ва «Універсаме» замест ранейшых 66 капеек давядзецца аддаць 74 капейкі за кілаграм караняплодаў, а ў «Белмаркеце» і таго больш — 1 рубель 39 капеек замест 99 капеек. А яшчэ ў «Белмаркеце» вырас кошт на алей і рыс.
— Не магу сцвярджаць, што гэта прымяняльна ў дадзеным выпадку, але іншы раз на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны. Часта так здараецца, калі ў магазіне заканчваецца акцыя. Да слова, мы параўноўваем цэны на тавары не адных і тых жа вытворцаў, а на сам тавар.
Справа ў тым, што ФПБ звярнулася да ўрада з прапановай усталяваць жорсткі мараторый на павышэнне цэн на пэўную групу тавараў у дадзенай сітуацыі. І атрымала водгук: устаноўлены парог росту цэн — не больш як на 0,5% у месяц.

На жаль, ва ўмовах склаўшайся ў краіне з-за пандэміі сітуацыі не ўсе гандляры (і, відавочна, вытворцы) вядуць сябе прыстойна: карыстаючыся момантам, адны спрабуюць разжыцца за кошт іншых.
Іншы раз складана не згадзіцца з тым, што інтэрнэт мае ўжо празмерны ўплыў на чалавечы розум. І гэтая сітуацыя таму пацвярджэнне. Пасля распаўсюджвання роліка, на якім нібыта вучоны, знакаміты ў псеўданавуковых колах, запэўнівае, што рашучы адпор каранавірусу можна даць з дапамогай імбіру. Яшчэ нехта пачаў расказваць пра цудадзейныя якасці лімонаў, часнаку, куркумы… І народ паверыў у лімонна-імбірна-часночную панацэю.
Сітуацыяй, калі людзі «павяліся» на казкі пра суперздольнасці гэтых прадуктаў, скарысталіся гандляры. Імбір (ды і лімоны) сталі каштаваць даражэй за чырвоную ікру. Літаральна на мінулым тыдні, напрыклад, у «Хіце» лімоны выраслі ў цане з 6 рублёў 99 капеек да 9 рублёў 99 капеек. А імбір паспрабуй яшчэ знайдзі! Не ведаю, колькі ён каштаваў непасрэдна перад падаражэннем (у мінулым годзе цана была 8-12 рублёў), але сёння яго ўдалося знайсці ў «Белмаркеце» па 24 рублі 99 капеек за кілаграм.

У выніку за гэтае пытанне ўзяліся Дзяржкантроль і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ). Праз сродкі масавай інфармацыі гэтыя ведамствы пацвердзілі, што некаторыя гандлёвыя сеткі і пасрэднікі ў некаторых выпадках прымяняюць значныя гандлёвыя надбаўкі, якія іншы раз дасягаюць амаль 250%. Канкрэтна пра пружанскія магазіны такой інфармацыяй мы не валодаем, але канстатавалі факт, што цэны крыху папаўзлі ўніз. Тыя ж лімоны ў «Хіце» ў сераду прадавалі ўжо не па 10 рублёў, а па 8,89.

Праўда, у «Белмаркеце» яны ўсё роўна таннейшыя — 6 рублёў 99 капеек. Цэннікі на часнок таксама паўсюль розныя: і 12 рублёў 99 капеек, і без капейкі 10 рублёў.

Што хочацца яшчэ дадаць. Перш чым аддаваць апошнія грошы за гэтыя тавары, памятайце: суперздольнасцей у барацьбе з каранавірусам няма ні ў лімонаў, ні ў імбіру, ні ў часнаку, ні ў куркумы, ні ў іншых разрэкламаваных псеўданавукоўцамі прадуктаў. Ва ўсякім разе, навуцы яны пакуль невядомы.
Каментарый спецыяліста
Жанна Ісакава, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі:
— Лімон утрымлівае вітамін С. Толькі таму пра гэтую садавіну можна гаварыць, што яна карысная. Усё. Іншых пераваг у лімонаў няма. Але ж калі так разабрацца, то і апельсін утрымлівае той самы вітамін С. А яшчэ больш багатая на вітамін С, чым заморская садавіна, наша айчынная чорная парэчка. Дык чаму б не есці яе? Многія ж робяць з яе нарыхтоўкі на зіму: пераціраюць, марозяць…

Словам, адна долька лімона ў чай — згодна, але без фанатызму. Бо, акрамя вітаміну С, лімон можа «ўзнагародзіць» алергіяй, пры празмерным ужыванні — выклікаць праблемы са страўнікава-кішачным трактам. А калі чалавек, напрыклад, з язвай, з’есць палавінку гэтай садавіны, то можа рыхтавацца да сур’ёзнага абвастрэння хваробы.

Сваім шчодрым утрыманнем мікраэлементаў славіцца імбір. Але з ім трэба быць вельмі асцярожным. Асабліва тым, у каго праблемы са страўнікам, жоўцекамянёвая хвароба, халецыстыт… Не раз сутыкалася ў сваёй практыцы і з тым, што імбір здольны выклікаць алергію, кагосьці даводзіцца лячыць нават у стацыянары. Вось і зараз, на хвалі празмернай папулярнасці гэтага карэння, людзі прыходзяць з алергічнымі рэакцыямі на яго. І імбіру, роўна як і лімону, можна знайсці айчынную замену: напрыклад, тапінамбур, морква, буракі

Капуста (але не квашаная, якая не ўсім аднолькава карысна) — увогуле скарбніца карысных мікраэлементаў. А журавіны: дзякуючы сваім урасептычным якасцям, яны яшчэ і ныркі падлечаць.

Абагульняючы сказанае, хачу падвесці вынік: ні лімоны, ні імбір, ні куркума (ці да чаго там яшчэ падагрэлі цікаўнасць у інтэрнэце?) не з’яўляюцца панацэяй. Усё добра, але ў меру. Да таго ж, няма нічога незаменнага. І, як вядома, ва ўсім трэба ведаць меру: калі вы ўжывалі лімоны ці імбір і раней, адмаўляцца ад іх не трэба (калі няма супрацьпаказанняў), але і не варта павялічваць дозу. Дарэчы, вясна — традыцыйна сезон абвастрэння язваў і захворванняў страўнікава-кішачнага тракту.

Пра маскі і антысептыкі

Ці мог бы хто яшчэ месяцы два таму падумаць, што самымі дэфіцытнымі таварамі стануць медыцынскія маскі і антысептыкі. У выніку Пастановай Савета Міністраў ад 4 красавіка №205 пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца МАРТ, пашырыўся. У ліку іншых у яго ўвайшлі сродкі абароны органаў дыхання — маскі, прыназначаныя для індывідуальнага прымянення, а таксама дэзынфіцыруючыя сродкі — антыбактэрыяльныя, абеззаражваючыя (у тым ліку ў выглядзе геляў і спрэяў).
— Сёння спецыялісты ФПБ манітораць наяўнасць і цану на гэтыя тавары, — зазначае Т.Ю.Гаманчук. — Па стане на сёмае красавіка 300 масак было толькі ў адной аптэцы раёна — “Віватон”, што па вуліцы Юбілейнай. Па 2 рублі 40 капеек і 4 рублі 4 капейкі за штуку. Антысептыкі — толькі ў аптэках “Фармацыі”: у 14 аптэках гэтай сеткі ў наяўнасці ў сукупнасці было ўсяго 35 літраў антысептыкаў — ад 6 да 15 рублёў за літр. Да слова, у дэфіцыце і парацэтамол: яго не было ні ў адной аптэцы Пружаншчыны (а іх у раёне 20).
Ва ўмовах рыначнай эканомікі ці то вытворцы масак, ці то іх прадаўцы вырашылі пабудаваць бізнэс на гэтым тавары, пакуль ён карыстаецца такім попытам. Да ажыятажу аднаразовыя медыцынскія маскі можна было купіць нават па 12 капеек. Тым не менш з-за “куслівай” цаны менш купляць іх не сталі. Роўна як і пальчаткі: вінілавыя, нітрылавыя, цэлафанавыя. Цана на іх таксама вырасла амаль удвая.
Тым часам звяртаю ўвагу, што на вуліцах, у магазінах не так часта сустрэнеш людзей у масках. У час татальнага дэфіцыту гэтага тавару некаторыя знаходзяць выйсце — шыюць маскі самі. У магазіне “Малеч” апошнім часам так званыя капялюшныя гумкі сталі даволі папулярным таварам: за апошнія некалькі дзён іх было прададзена сем бабін па трыста метраў. Карыстаюцца тут попытам і баваўняныя тканіны. Бязь, якую да нядаўняга часу гаспадыні куплялі на пашыў пасцельнай бялізны, сёння ў магазіне “Блакіт” набываюць таксама і для пашыву масак.
На вагу золата маскі і ў медыцынскіх работнікаў: папоўніць іх недахоп стараецца швачка, якая працуе ў штаце Пружанскай бальніцы.

Каментарый спецыяліста
Жана Ісакава, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі:
— Насіць маску ці не? У першую чаргу, у гэтым праяўляецца культура чалавека. І гэта тычыцца не толькі апошняй эпідэмічнай сітуацыі.
На днях калега заехаў у адзін з аграгарадкоў раёна і ўбачыў на пустой вясковай вуліцы жанчыну, якая ішла ў масцы. Навошта? Нікога няма побач — лепш падыхаць свежым паветрам. А то даходзіць да абсурду. Сёння часта на прыём прыходзяць са скаргамі на задышку, недахоп паветра, цікаўлюся: “А маску скідваць не спрабавалі?” І калі скідваюць, здзіўляюцца, што ўсе праблемы знікаюць.
Дык для чаго прыназначаны маскі? Трэба разумець, што ў першую чаргу для таго, каб засцерагчы навакольных ад сябе: гэта значыць, насіць яе трэба людзям з насмаркам, кашлем. Яшчэ не павінны грэбаваць маскамі тыя, хто даглядае пажылых людзей: гэта для таго, каб не “прынесці” ім хваробу. Але пра гэта мы гаварылі і да эпідэміі каранавіруса.
З улікам склаўшайся сітуацыі маска будзе дарэчы пры наведванні месцаў масавага скаплення людзей: напрыклад, магазіна, аптэкі, банка. Хаця і тут эфектыўнасць гэтага сродку можа аказацца сумніўнай, калі чалавек прыйдзе дамоў і як след не памые рукі і не апрацуе іх антысептыкам. Увогуле, у грамадскіх месцах важна вытрымліваць дыстанцыю: не трэба ў магазіне штурхаць кошыкам у плечы свайго суседа.
Я вас запэўніваю, куды важней памятаць пра элементарныя правілы гігіены: мыць рукі (калі трэба, хоць сто разоў на дзень, хоць больш) і не датыкацца імі да твару. Маскамі карыстацца толькі пры неабходнасці (навошта збіраць у кучу свае мікробы?): апранайце іх толькі тады, калі заходзіце ў месцы масавага скаплення людзей, наведваеце пажылых ці самі хварэеце, а побач ёсць людзі. У іншым выпадку пасля перамогі над каранавірусам нас будзе чакаць іншая праблема — экалагічная: ужо сёння назіраю, што там сям на зямлі валяюцца выкарыстаныя маскі.

Падрыхтавала Марына Вакульская.